«Рыбы» Міхаіла Рубіна на ўласную мелодыю
Главное Автор Жанна Жалевич Опубликовано 05.06.2022
А ці ёсць увогуле — гэта агульназразумелая рэчаіснасць? А мо кожны мае толькі асабістыя ўражанні і па іх будуе ўласную карціну?
«Не люблю я цэтлікі розныя. Раблю душой, а не розумам» — М. Рубін
Нядаўна вядомаму ў Віцебску паэту, музыканту і педагогу споўнілася 45. Цудоўны ўзрост. Збольшага сябе ўжо зразумеў, а наперадзе яшчэ доўгі жыццёвы шлях і новыя гарызонты для творчасці.
У сем гадоў Міхась прыйшоў у Рубаўскую музычную школу, каб навучыцца іграць на фартэпіяна, заадно і гітару асвоіў.
А потым скончыў Віцебскае музычнае вучылішча. Дзе яму пашчасціла сустрэцца з цудоўным педагогам Анатолем Іванавічам Церашам.
Эстраднае аддзяленне Інстытута культуры дадало новыя веды і творчыя знаёмствы.
Але аркестр музычнага вучылішча пад кіраўніцтвам Цераша — гэта альма-матэр Міхаіла Рубіна.
Першым праектам стаў музычны гурт «Фу», які праіснаваў з 1993 па 2006 гады, сённяшні Рубін лічыць яго самымі уплывовым. Гаражны праект 2009 года — «Кубік Рубіна» стаў працягам тэмы.
Творчае жыццё музыкі за апошнія дваццаць гадоў было напоўнена разнастайнымі творчымі з’явамі: фестывалямі, конкурсамі і згуртаваннямі. Сярод іх і праца з народнымі калектывамі «Кантраст» і «Экспромт», і з калектывамі музычнай школы, і праца з клезмерскім ансамблем «Аідышэ Нішоме», і ўдзел у фестывалях традыцыйнай яўрэйскай музыкі ў Менску, Кіеве, і Пецербурзе.
«Віцебскі лістапад» і конкурс «Бардаўская восень», тэатр-студыю аўтарскай песні «Віцебск» — немагчыма ўявіць без удзела Міхаіла.
У траўні з вялікім поспехам на сцэне КЗ «Віцебск» адбыўся міні фестываль «Рубін-Фэст», які нарадзіўся ў 2016 годзе.
Спачатку гэта быў трыб’ют, дзе выконвалі песні Рубіна. А ў гэтым годзе ён набыў абрыс творчай вечарыны. Традыцыйна ў фестывалі прыняў удзел панк-рокер Мікіта Гушчанка, а харэаграфічнасць дзейству дадаваў маладзёжны тэатр «Кола».
З 2018 года Рубін робіць эксперыментальна-электронны праект «NUBIR». Гэта крыху гісторыі. Сам аўтар сказаў наконт свайго мінулага, што гэта было, але зараз цікавей тое хто ён ёсць у сучасным.
«Калі ў цябе нешта атрымалася ў 25 і ты жывеш гэтым — то лічы, што ты памер як творца»
Так кажа Міхаіл Рубін:
«Музыкай я займаюся з сямі гадоў. Аднак, яна стала для мяне цікавай толькі тады, калі з’явілася магчымасць рабіць нешта сваё. Але, калі ты нешта выдумляеш — ты штораз робішся іншым.
Я тады гэта яшчэ не ведаў. Зараз ведаю. Я мяняюся пастаянна. Бо, калі ў цябе нешта атрымалася ў 25 і ты спрабуеш гэта паўтарыць — гэта твой канец як творцы.
Так вось пафасна, даруйце. Я пішу музыку, пішу вершы і пішу песні. Гэта ўсё вельмі рознае. Але зараз падыход мой амаль адзін: і верш, і нейкі твор я магу агучыць адразу ў дыктафон. Вядома, потым карэктырую.
У 21-22 навучальным годзе ў мяне было вельмі шмат вучняў. Я баяўся, ці хопіць мяне на іншае?
Вучні + складанасці + няспынны пошук . І вось яна — мая «схема невычарпальнасці».
Часам я пішу дзецям песенькі на ўроках. Шмат каго з іх гэта дадаткова матывуе. Яны — дзеці, вельмі ўсе розныя і таленавітыя, і звычайныя. Кожны нешта атрымае ад мяне. Стараюся даць максімум. Прыходзіцца быць адкрытым. А творца не можа быць адкрытым напоўніцу.
Можа ці не можа быць адкрытым творца я не ведаю. Але ўбачыла на мінулым Рубін-Фэсте і на аўтарскім канцэрце Рубіна ў Чацвёртай музычнай школе, расхінутую ў шчырай размове душу аўтара.
Песні-балады пад гітарныя акорды — гэта пра тое, што ў сэрцы і галаве. Тут адносіны да жыцця і адчуванні. У іх ёсць усё: і жорсткасць сучаснага, і лірычны смутак, і гумар, і боль, і радасць . Гэта не змястоўныя гісторыі. Гэта стэк скульптара, які высякае музычны рытм пад характэрныя словы.
У мяне ўзнікла думка, што блюз, рок, джаз, які абгортвае тэксты, стварае абстрактны рэалізм — мастацкае ўвасабленне жыцця.
Большасць твораў Рубін піша на свае вершы. Але ёсць і «амузычаныя» вядомыя рускія паэты «срэбранага веку» — Хадасевіч, Ясенін, Аненскі і вядомыя беларускія паэты — Колас, Багдановіч, Барадулін і сучасныя імены — Бурлак, Плотка, Ляшкевіч.
На канцэрце прагучала некалькі твораў на вершы Віктара Жыбуля.
Жыбуль — паэт, які піша ў стылі паэтаў-аберыўтаў. (Згуртаванне рускіх паэтаў 20-х гадоў мінулага стагоддзя).
Менавіта «аберыўты» паўплывали на творчасць Рубіна. Для іх галоўнае — гратэск, алагізм і эмоцыі:
«Яшчэ існуе перакананне, што ў песні павінна быць нейкая гісторыя. Але ж гэта толькі адзін з магчымых падыходаў. Словы — гэта як «рыбы» для мелодыі. Аднак, я пішу іх раней за музыку. І яны вельмі важныя для мяне. Вядома, як і валоданне інструментам, гармонія твора і г.д.
Мае тэксты досыць асацыятыўныя. Музыка робіць іх іншымі. Любы выпадковы акцэнт мяняе ўсё. Аднойчы я вырашыў для сябе, што музыка раскрывае сэнс маіх сказаў»
«Дзеці не шукаюць сэнс. Яны проста слухаюць»
Тэксты Рубіна — складныя, калі вы намагаецеся падагнаць пад звычны шаблон і простыя, калі зразумець пачуцці. Іх трэба слухаць адключыўшы штучныя і немаведама кім усталёваныя стандарты.
Непасрэднасць — галоўнае, што адрознівае дзіця ад дарослага. Хочаш даведацца ісціну будзь нетрывіяльным як дзіця. Дзеці ўсё разумеюць шчыра і незалежна. І,здаецца, менавіта яны лепей разумеюць творы свайго настаўніка.
Цікава было даведацца ў чалавека, які болей за дваццаць гадоў прысвяціў музычнаму выхаванню дзяцей пра тое, якія яны — дзеці XXI стагоддзя:
«Сучасныя дзеці – добрыя. Яны прыходзяць вучыцца і да кожнага можна знайсці падыход. Я не раблю з іх герояў класічнай гітары. Шчыра кажучы, я і гітарыст не класічны. Але амаль кожны дзіцёнак нешта знойдзе на маіх занятках і мы абавязкова пасябруем і, як мінімум, знойдзем разуменне».
А яшчэ ў мяне ўзнікла пытанне чаму аўтарская песня = гітара? Мо таму, што гітара зручны інструмент, ці нешта яшчэ?
Міхаіл, вы — мультыінструменталіст, а чаму вашы тэксты часцей за ўсё афарбаваны гітарнымі струнамі?
— Цікавае пытанне. Напэўна таму, што гітара не перашкаджае маім думкам. Яна не імкнецца быць лепшай. Гэта мая поліфанія — злучэнне зусім рознага: слоў і музыкі.
А мне са знаёмствам з Рубіным пашчасціла зрабіць адкрыццё — аказваецца ў нас ёсць сур’ёзная сучасная музыка. Прафесійная і якасная.
Мо, калі небудзь, потым «славянска-базарны» Віцебск стане вядомым сучаснай музычнай культурай. Сучаснае мастацтва з Шагалам і Малевічам — гэта ж візітная картка нашага любімага горада.
Мо і не потым. І не ў іншым жыцці…
Источник: vkurier.com