Віцебскі прытулак «Добрык» — тэрыторыя надзеі і добразычлівасці
Главное Автор Жанна Жалевич Опубликовано 27.10.2022
Была там амаль год таму. Сёння наведала ізноў. І ведаеце, слёзы наварочваліся ад жыццёвых гісторый выхаванцаў, што расказала дарэктар прытулку Ала Сяргеўна Прасолава.
Жывёлам з Віцебскай прапіскай вельмі пашчасціла. Толькі ў нашым горадзе існуе такі прытулак.
У мностве іншых беларускіх гарадоў і вёсак спецыяльныя службы бязлітасна вынішчаюць сабак і катоў, калі на іх паскардзіліся камунальнікі ці «добрыя» людзі.
Сёння ў «Добрыку» знайшлі сховішча 63 коціка і 297 сабак
Некаторыя тут часова, а хто і на ўсё астатняе жыццё. Жывёлы размешчаны ў залежнасці ад стану. Хворыя ў лякарні, новыя ў каранціне, аперыраваныя — у пасляаперацыйнай, гатовыя да падарожжа ў новае жыццё і тыя хто, хутчэй заўсё тут дажыве свой век — у вялікай зале.
Напрыклад, дарослы кацейка, чорны з зялёнымі вачыма і без лапкі — прывезлі з раздробленай ушчэнт, прыйшлося ампутаваць.
Побач вельмі прыгожая сібірка — Арфа. У яе нешта падобнае на чалавечы рассеяны склероз. Далей — котачка з подпісам «толькі мокры корм», бо ў яе з-за ўзросту няма зубоў А насупраць, яшчэ ў каранціне — сталая і сумная трохкаляровая Бабачка.
Ім, хутчэй за ўсё, не пашчасціць. А мо знойдзецца чалавек, якому глянуцца гэтыя вочкі?
Большасць жа любіць маладых і здаровых. І тут вялікі выбар. Чацвёра сонечна-рыжых, пяцёра — халодна-сталёвых і, далей, усялякія распаўсюджаныя афарбоўкі, і розны ўзрост. Яны гатовыя дамоў хоць сёння.
Маленькія ж цюцькі ў клетках сустракаюць кожнага ў калідоры першага паверха.
«У гэтым годзе шчанюкоў значна менш», — з радасцю ў голасе кажа Ала Сяргеўна. І крэсціцца, бо яшчэ не насталі самыя халады. «Спадзяюся, што спрацавала ўрэшце стэрылізацыя хатніх сабак», — дабаўляе яна.
Прытулак стэрылізуе і катоў і сабак, што прывозяць людзі. Аплату просяць толькі за матэрыял, а ў дапаўненне тут можна пакінуць гадаванца і на пасляаперацыйны перыяд.
Настаў час абеду і гатавання вячэры
Далікатэсаў,вядома, няма, а якасная і карысная ежа — гарантавана. Білеўская школа прывозіць рэшткі школьных абедаў, астатняе самі дакупляюць. Пах кашы і курынага бульёну лунае ў паветры. Безліч місак з ежай, як ў рэстаране «ол інклюзіў» займае стол даўжынёю на палову першага паверха.
Малыя і хворыя сабакі атрымаюць абед. Яны жывуць тут у галоўным корпусе. На вочы папалася худая і запалоханая шэрая сабачка. Два тыдні таму прывезлі. 8 гадоў. Амаль не есць. Стрэс. Былая гаспадыня — нябожчыца ні разу з кватэры яе не выводзіла.
Раздаюцца тут і басовыя гукі брэху. Гэта алабайка, што апынулася тут у мінулым годзе. Гаспадар завёў такую сабаку ў двухпакаёўцы! Нечага яму не хапіла, каб яе выхаваць, і пра ашыйнік «антыбрэх», мабыць, не чуў.
Суседзі па суду прымусілі вsсяліць сабачку. На зіму яе перавялі ў памяшканне. Бо яна дзяўчына далікатная і холад не пераносіць.
Тыя ж каму з футрам пашчасціла жывуць болей вольна. У кожнага цёплая будка ці вальер.
Згустак пачуццяў дамашніх гадаванцаў
Кожная сабачая і кашачая душа рэагуе на чужога чалавека па-свойму. Тыя, хто не бачыў зла ад людзей — прыветна і радасна. Тыя каго кінулі — падазрона. А тыя над кім здзекаваліся — з жахам ці са злосцю.
Дарослы вялікі сабакен на першым паверсе. Па круглаце і бліскучай поўсці відаць, што ён раней жыў добра, але ж ці гаспадароў не стала, ці проста выкінулі — не вядома. Ён нават не паварочвае галаву ў мой бок. Ляжыць сабе на матрацы і сумуе.
Але ж ім усім тут лепей, чым на вуліцы. Тут цёпла, чыста і сыта.
Скажаце, што гэта не жыццё?
А ці памятаеце вы перасоўныя заапаркі. Мяне, гадоў у 5 туды вадзілі. Як горка было глядзець на таго ваўка ці тыгра за жалезнымі прутамі. Даўно ўжо ў Еўропе забаронены і такія «заапаркі» і перасоўныя дэльфінарыі і цыркі з жывеламі. У нас пакуль не. І жорстка эпатажныя браты Запашныя мелі выступ у Віцебску. Вядома ж, каты і сабакі не дзікія і іх можна забраць дамоў.
Дабро ж рабіць прыемна!
Дык падаруйце кінутым сапраўднае шчасце! Вазьміце ў сям’ю!
Зрабіць гэта вельмі проста. Тэлефануйце, пішыце ў сацсетках ці прыязджайце адразу. Але з кожным будучым гаспадаром Алла Сяргееўна размаўляе ўласна. Гэта не пра абы «збыць з рук». Гэта пра будучае разуменне і сумеснае жыццё.
Пашпарт і гарантыя будучай стэрылізацыі, калі маленькі — абавязковая ўмова. Але ж гэта дробязь у параўнанні з вялікай справай што вы зробіце.
Калі вам зусім узяць не варыянт, то «Добрык» не абразіцца
Тут будуць удзячны і за перавод які, і за пачастунак, хуткаваркія макароны, мяса і субпрадукты, сухі, мяккі корм, мыйныя, гігіенічныя сродкі. Ці хоць падпішыцеся на суполку «Витеск. Приют «Добрик», каб не несці лухту пра чумку, гразь і антысанітарыю ў прытулку!
На двары 2022 год. І даўно ўжо адсюль кожны кот ці сабака выходзяць чыстыя і здаровыя. А дарослыя яшчэ і стэрылізаваныя.
Для таго, каб узяць гадаванца абавязковы ваш пашпарт. Дапамажыце ваўняным ізноў паверыць, што сярод скураных Людзей болей, чым нелюдзяў.
І нашыя заканадаўцы, ўрэшце, абяцаюць гэта пацвердзіць
Вось-вось павінны прыняць Закон пра дамашніх жывёл.
Ён буксуе з 2001 года. Нашыя дэпутаты безліч разоў адсылалі яго на дапрацоўку. Апошні раз у 2015 годзе. Справа пайшла з удзелам у распрацоўцы закона «Аб адказным абыходжанні з дамашнімі жывёламі» дэпутаткі Марыі Васілевіч.
Новы закон увядзе абавязковае чыпірванне, стэрылізацыю і адказнасць гаспадароў. Абавяжуць і спецыяльныя службы па адлову карыстацца гуманнай методай. І па прытулкам будзе навіна.
Спадзяваюся наступны год мы будзем жыць з новым законам.
Источник: vkurier.com