Дзве гісторыі, дзве выстаўкі, два позіркі, дзве асобы: Таццяна Нагавіцына і Алена Паплыка
Главное Автор Жанна Жалевич Опубликовано 05.04.2022
Ніякіх параўнанняў! Дзве самабытнасці і два характары. Наўпрост так выпадкова склалася, што і я трапіла ў адзін дзень на дзве выставы.
У Мастацкі музеі на выстаўку Таццяны Нагавіцынай: «30.03» і ў Цэнтр Сучаснага Мастацтва на «Маялінія» Алены Паплыкі.
І гэтыя дзве асобныя гісторыі ў маім суб’ектыўным свеце склаліся ў адзіную гісторыю жаночага жыцця.
«Мы не памятаем дні, мы памятаем моманты» — эпіграф выстаўкі Таццяны Нагавіцынай.
Шкляныя каляровыя пырскі інсталяцыі з празрыстымі пералівамі акварэльнай фарбы, як адлюстраванне светлых імгненняў мінулага і надзей на будучыню — асноўная ідэя экспазіцыі.
Таццяна, дацэнт кафедры дызайну Віцебскага тэхналагічнага універсітэта, які калісьці скончыла. Лаўрэат «Белай амфары» і удзельніца мноства айчынных і міжнародных праектаў. Яна з 1998 года ўваходзіць у Саюз дызайнераў Беларусі.
Работы ў аўтарскай тэхніцы напоўнілі летуценнямі дзве залы музея. Упэўненае валоданне мастацкай і дэкаратыўнай тэхнікай і не трывіяльны падыход складваецца ў лятучы эфект.
Фактура матэрыялаў, пластыка штрыха, каляровыя плямы фарбы і размытыя лініі — пераканаўча вымалёўваюць ідэю і эмоцыі аўтара. Нагавіцына шчыра дзеліцца жыццярадаснасцю з гледачамі.
Да ўвагі прадстаўлены 40 акварэльных твораў. Кожная работа — гэта не канцэпцыя, а пачуцці. А шматпрадметныя серыі, напрыклад «Кветкі» з 5 твораў, ствараюць рухомыя ілюзіі.
Да гэтай кампазіцыі аўтар падабрала словы Канта: «Кветкі — гэта вольная прыгажосць у прыродзе»
Лёгкі вытанчаны балет — гэта палёт гармоніі рухаў. Гэтай тэме прысвечаны дыптых у гонар вядомай танцоўшчыцы пачатку ХХ стагоддзя Айседоры Дункан: «Каб ты мог растлумачыць усё словамі, не было б сэнсу танчыць гэта».
Уразіла шкляная інсталяцыя — «Эфект матылька» 2018 года. Сіне-блакітныя адценні фарбы і бліскучыя пырскі шкла, як напамін аб летуценнасці чалавечага існавання.
Чалавечае жыццё, што гэта — як не крохкае шкляное імгненне? Лёгкая павей ветрыкам, нават і ад крыла матылька, можа абарваць яе. А аднойчы парушанае ці атрымаецца склеіць ізноў?
Легкасць, радасць і бесклапотны палёт ці не галоўная гэта раскоша ХХI стагоддзя?
Рухомыя ілюзіі лёгкасці — так я бы абагульніла свае ўражанні ад выставы.
Сціслыя формы і акамянелая скульптурнасць вобразаў Алены Паплыкі
А на другім беразе Віцьбы 31 сакавіка адкрылася выстава «Маялінія» — пачынаючага мастака Алены Паплыкі. Яна, таксама скончыла ВДТУ і мела пэўную вядомасць ў прафесійным асяроддзі.
«Арт-прастора на Талстога, 7» і, ўвогуле, Цэнтр Сучаснага Мастацтва накірованы на пошук арыгінальных аўтараў.
Тут праводзяцца выставы, як вядомых мастакоў, так і аўтараў, якія робяць першыя крокі. Галоўнае ў паказу — гэта ўласны арыгінальны погляд.
Выстава «Маялінія», безумоўна — арыгінальны росчырк пэндзля. Алена дэманструе працу двух апошніх гадоў. Разважанні глыбокія і асабістая, вечная тэма: «Мужчына – жанчына».
Гармонія адносін — супрацьлегласць ці сугучнасць, інь і ян — вечная каменна-непахісная тэма.
Свой погляд Алена ўвасобіла мінімалістычнымі сродкамі: дзве, тры фарбы і кантрасны фон для акцэнту. Сціслыя формы і акамянелая скульптурнасць на плоскай паверхні.
На падсвядомым пачуцці Паплыка змясціла жаночыя вобразы, з адценнем палкасці і пачуццяў, у прадаўгаватыя прамавугольнікі, а мужчынская сцісласць і разлічаны водгук — гэта квадратура круга. Цікавая і невырашальная матэматычная задача ўпісаць круг у роўнавялікі квадрат.
Увогуле, я б сказала, што гэтая выстава — спроба пакласці скульптурны акамянелы вобраз на палатно.
На мой погляд — неўпэўненны першы крок таленавітага і адукаванага чалавека — неабходнасць для самаўвасаблення.
Алена падкрэсліла, што працавала с задавальненнем і галоўным у сваёй працы лічыць не змест, а майстэрства адлюстравання.
Знайсці гадзіну і ўвасобіць свае думкі — не вельмі лёгка. Сям’я — гэта заўсёды асноўны жаночы клопат. А для сябе застаецца вельмі мала — куточак 1,5 на 1,5 метра і некалькі часоў пакуль усе спяць.
Муж, дзеці, праца ў школе — цудоўна, але Алена мае і свой асабісты свет, які тлее і хай разгараецца далей.
Галоўнае ,што сям’я падтрымала Алену і, спадзяюся, далей мы ўбачым творчы рост і новыя работы.
Васіль Васільеў прачытаў на адкрыцці выставы верш Мікеланджэла ў перакладзе Вазнясенскага пра захаванне асабістасці і незалежнасцi мастака.
Мікеланджэла — гэта неперавышанае майстэрства скульптурнага адлюстравання чалавечай постаці. Самае вядомае яго выказванне — адказ на пытанне: «як яму ўдаецца ствараць такія шэдэўры?». Мастак адказаў проста: «я бяру камень і адсякаю непатрэбнае».
Вось і «Маялінія» — гэта першая спроба адсекчы непатрэбнае і стварыць асабісты стыль.
Атрымалася ці не — пытанне суб’ектыўнае і ці патрэбнае ўвогуле?
На выставе прысутнічалі вучні Алены з Бабінічскай школы. Дзеці заўсёды бачаць лепей.
Яны сказалі, што ўбачылі акамянелыя вобразы на карцінах. Вучні былі здзіўлены і захопленыя майстэрствам настаўніцы. Дзяўчынка сказала, што збіраецца вучыцца на мастака. А яшчэ іх настаўніца — вельмі добрая і ўважлівая.
А свой погляд скласці магчыма, наведаўшы Арт-прастору — стары будынак побач з Пушкінскім мостам.
Источник: vkurier.com